Тата і дзіця

Тата і дзіця

Некаторыя людзі наіўна вераць, што бацькоўства даецца іншым лёгка, як забаўка, асабліва маці, якая нібыта ад прыроды мусіць умець усё: карміць, спавіваць, гушкаць дзіця і гуляцца з ім. Як супермама, яна, у адрозненне ад таты, быццам бы ведае адказы на ўсе пытанні і знойдзе выйсце з любой праблемнай сітуацыі.  

Насамрэч, усё зусім не так. Мамы на самой справе, як і таты,  - гэта спачатку разгубленыя маладыя людзі, якія звычайна амаль нічога не ведаюць пра сваё будучае дзіця, што з ім адбываецца, як яно народзіцца і будзе расці. Гэтая інфармацыя не закладзена жанчынам у галаву ад самага дзяцінства. Канешне, дзякуючы той дзівоснай эмацыйнай сувязі мамы і дзіцяці, якая з'яўляецца яшчэ падчас цяжарнасці, ёй інтуітыўна прасцей зразумець сваю малютку: чаму піхаецца ў жывоціку ці плача. Але большасць інфармацыі даводзіцца чэрпаць з кніжак, Інтэрнэта, раіцца з родзічамі і іншымі маладымі мамкамі, наведваць курсы падрыхтоўкі да родаў.

Вельмі шкада, што так рэдка робяць таты, жывучы з тым самым перакананнем, што яго жонка ведае і ўмее ўсё, а ён нічога не можа. Ці, што яшчэ горш і вельмі сумна, - не хоча і не павінен. Такія таты шмат страчваюць  дзякуючы сваёй прынцыповасці, нягнуткасці ці нават страху няўдачы, абкрадаюць сябе ў эмацыйным плане і вельмі многа забіраюць у свайго дзіцяці: любоў, цеплыню, радасць стасункаў з ім. І калі тата лічыць, што нагляд за дзіцём — не ягоная справа, не мужчынская, ён несправядлівы не толькі да дзіцяці, але і да сваёй жонкі, на якую перакладае ўсю адказнасць замест таго, каб раздзяліць адказнасць разам з дарагім чалавекам.

Вам таксама, будучы тата, трэба ведаць пра цяжарнасць усё. Так вы лепш будзеце разумець жонку, яе станы, настрой, праблемы - і зможаце дапамагчы. Наведваючы разам з жонкай кансультацыю, вы будзеце дасведчаныя аб развіцці дзіцятка ў жывоціку мамы. Дакранайцеся да яго, размаўляйце з малышом - ужо зараз вы можаце пазнаёміцца з ім і стаць блізкім чалавекам, бо дзіцятка чуе галасы бацькоў прыкладна на 20-ым тыдні, адрознівае іх ад чужых і нават слухаецца.

Вельмі карысна будзе наведваць разам з жонкай курсы будучых бацькоў, але яшчэ больш карыснай будзе ваша прысутнасць на родах, калі гэта магчыма. У такі эмацыйна і фізічна напружаны момант быць побач з любай - вялікая палёгка для яе і радасць, толькі калі ўрачы не вяртаюць у прытомнасць вас, забыўшыся на парадзіху. Вы можаце супакоіць жанчыну словамі, расслабіць лёгкім масажам, трымаць за руку - ёй гэта надзвычай неабходна зараз. Акрамя таго, таты, якія бачаць роды на ўласныя вочы, ставяцца да жонак больш ласкава і беражліва, а бацькаўскія пачуцці ўзнікаюць у іх з першых хвілін жыцця дзіцятка.

Для малыша з'яўленне на свет з цёплага мамінага ўлоння - велічэзны стрэс. Яму вельмі халодна. Таму, калі па нейкай прычыне няма магчымасці пакласці яго на грудзі мамы (кесарава сячэнне і наркоз, ускладненне, якое патрабуе неадкладнай дапамогі), яе можа замяніць тата: яго папросяць распрануцца па пояс, пакладуць дзіцятка яму на грудзі і пакінуць пад коўдрай на некалькі гадзін. Такое тата дакладна не забудзе ніколі.

Ваш быт, калі ўся вашая вялікая сям'я вернецца дадому, вельмі зменіцца. Свет закруціцца не вакол вас з вашымі нешматлікімі патрэбамі, а вакол маленькага стварэння, у якога патрэбаў - ого-го! Колькі цяпер, пасля родаў, давядзецца правесці бяссонных дзён і начэй у клопатах за крохай! Вашая дапамога вельмі патрэбная маме. Нават працуючы цэлы дзень, вы можаце ўдзяліць колькі хвілін дзіцяці вечарам, выкупаць яго, панасіць на руках, памяняць падгузнікі, прагуляцца, а ў выходныя прысвяціць малышу цэлы дзень, каб мама магла адпачыць і заняцца сваімі справамі. 

Наперадзе ў дзіцяці годы і годы дзяцінства, фарміравання, сталення, удасканалення і развіцця. Вы здольныя разам з мамай з першых дзён акружыць дачушку ці сыночка любоўю і цеплынёй. Не адмаўляйце дзеткам у гэтым, не забывайце, што вы самыя дарагія людзі для іх, асабліва зараз, у пачатку іх жыцця. Татава любоў такая ж каштоўная для дзіцяці, як і маміна, хоць і вельмі адрозніваецца. Яе недахоп - прычына многіх праблемаў як у дзяцінстве, так і ў дарослым жыцці: няўпэўненасць, слабахарактарнасць, пасіўнасць, несамастойнасць. А баўленне часу з вамі ў вясёлых гульнях і цікавых занятках зробіць вашае дзіця самым шчаслівым малышом на свеце.

0 Каментары