Неўзабаве Новы год!

Неўзабаве Новы год!

Я вельмі люблю Новы год і іншыя зімовыя святы. Нягледзячы на тое, што я памятаю, як святкавалі Новы год у нашай сям’і. Само чаканне свята – самае моцнае светлае перажыванне. Але рэчаіснасць расчароўвала кожны год усё болей і болей: кожны год гатаваліся салаты пад маянэзам, кожны год круцілі “Іронію лёсу, сам Новы год сустракаўся пад выступ прэзідэнта, усе наядаліся, не адрываючыся ад тэлебачання, часам выходзілі прагуляцца да елкі, а потым клаліся спаць. Але самае траўматычнае, што было ў маім дзяцінстве – гэта падарункі. Раніцай браты знаходзілі пад елкай шкарпэткі, я – калготкі. Без якіх-небудзь прыгожых абгортак, без хаця б маленькіх сувеніраў – у тым жа пакеце, у якім былі купленыя.

І ўсё адно я чакала гэтае свята кожны год. Усё адно верыла, што на гэты раз абавязкова здарыцца нешта неверагоднае. І якімі б абыякавымі да свята не былі мае бацькі, усё адно было ў ім нешта сямейнае і ўтульнае. Ды і люблю я гэтыя салаты пад маянэзам, кожны год гатовая пераглядаць “Іронію лёсу” і традыцыі – гэта цудоўна, але калі рабіць усё гэта без душы і не прыдумваць нічога новенькага, то свята ператвараецца ў будзёнасць, як было ў маім дзяцінстве. Насамрэч, гэта і ёсць звычайны дзень для тых, хто лічыць, што мы ўжо занадта дарослыя, каб верыць у казкі. Але варта пастарацца стварыць казку хаця б дзеля сваіх дзяцей, і калі вы ўбачыце, якія яны шчаслівыя і радасныя, то, магчыма, і самі паверыце ў цуды. Не пазбаўляйце іх гэтых момантаў.

Праз тое, што я недаатрымала ў дзяцінстве СВЯТА, я са сваёй уласнай сям’ёй кожны Новы год стараюся сустрэць максімальна казачна, і ў гэтым няма ніякай складанасці і дарагавізны! Камусьці гэтыя парады пададуцца наіўнымі і відавочнымі, а камусьці дапамогуць прачнуцца і нарэшце зрабіць Новы хоць крыху больш прыемным і чаканым.

Стварыце атмасферу казкі!

Каб Новы год атрымаўся, да яго трэба падрыхтавацца. Гэта цэлы рытуал, праз які неабходна прайсці, каб акунуцца ў атмасферу чараўніцтва. Не абавязкова бегчы ў краму і купляць ўсе прыгожыя цацкі, якіх так багата стала цяпер. Ператварыць дом ва ўтульную норку можна сваімі сіламі. Дзеці з радасцю згадзяцца выразаць сняжынкі і выцінанкі, размалёўваць анёльчыкаў ды снегавічкоў, афармляць вокны. Творчасць – любімы дзіцячы занятак. У працэсе ў іх з’явіцца яшчэ многа цікавых ідэй, трэба толькі трошкі падштурхнуць іх, заахвоціць і паказаць добры прыклад.

На самае смачнае пакіньце елку. Завядзіце традыцыю купляць ці рабіць адну асаблівую цацку на яе кожны год. Калі ўся вашая кватэра заззяе ад ліхтарыкаў і самаробных упрыгожанняў, не толькі дзеці ўзрадаюцца, але і вы не застаняцеся абыякавымі.

Настройцеся на цуд!

У гэтым вам дапамогуць шматлікія фільмы і мульцікі на раствяную тэматыку, а таксама музыка. За некалькі вечароў да Новага года збярыцеся ўсёй сям’ёй на прагляд любімай камедыі ці добрай казкі – захутайцеся ў плед, заварыце смачны чай. Паглядзіце, як спадабаецца вашым малюткам, то можа і самі ўзгадаеце, як гэта – адпачываць і атрымліваць задавальненне ад простых рэчаў. Музыка – таксама цудоўная крыніца стварэння святочнага настрою. Усяго адна мелодыя можа дапамагчы адчуць вам нешта таемнае і чароўнае ў гэтыя дні. Пашукайце ў інтэрнэце падборкі старых класічных кампазіцый ці сучасных вясёлых песень. Існуе нават анлайн-радыё раствянага джаза. І абавязкова знайдзіце хоць пару хвілінак для рэлаксу пад іх сярод пераднавагодняй мітусні.

Рабіце прыемнае іншым.

Часта, каб стаць шчаслівым, трэба рабіць нешта не толькі для сябе, але і для іншых, дзяліцца адчуваннем свята. У гэтыя халодныя дзянькі пастарайцеся акружыць блізкіх людзей любоўю і цеплынёй, тады і вам стане цяплей. Хоць у вас шмат клопатаў зараз, узгадайце пра родзічаў, якім, магчыма, самотна, і ўдзяліце ім крыху вашай увагі. Нагадайце блізкім і сябрам, што вельмі цэніце іх і ўдзячныя за ўсе шчаслівыя моманты, якія перажылі. Разам з дзецьмі можна зрабіць навагоднія паштоўкі і рознакаляровыя капэрты, застанецца толькі купіць маркі і ўкінуць лісты ў паштовую скрынку. Гэтыя мілыя сувеніры парадуюць вашых сяброў і родных. І не забудзьцеся, паміж іншым, напісаць самому Дзеду Марозу!

Вы можаце здзейсніць яшчэ шмат чаго цікавага. Прыдумаць, напрыклад, конкурсы і правесці іх у навагоднюю ноч. Запрасіць Дзеда Мароза і Снягурку, якім вашае дзіцё раскажа загадзя падрыхтаваны вершык. Схадзіць з малымі на спектакль ці нават з’ездзіць у Еўропу. Вам утульней адсвяткаваць Новы год у коле самых блізкіх людзей ці сабраць шумную вясёлую кампанію – неістотна. Самае каштоўнае – гэта вера ў чараўніцтва, якую вы павінны падтрымаць у сваім дзіцяці.

І самае прыемнае рабіце сваім дзецям!

І вось наступае гэты дзівосны момант! Не стаўцеся абыякава да навагодняй ночы і да сваіх дзяцей. Новы год – свята сямейнае,і галоўнае ў гэтыя дні – быць побач і ўсім разам ствараць у доме святочную атмасферу. Здзіўляйце іх, хваліце і любіце. А раніцай пад елачкай няхай вашых дзетак чакае сапраўдны сюрпрыз, а не шкарпэткі!

Вясёлых святаў Вам! Шчаслівага Новага года!

 

0 Каментары