Галоўнае - быць здаровенькімі

Асенне-зімні перыяд – пара прыгажосці і дзіваў, але, на жаль, прастудаў таксама. Разам з жоўтым апалым лісцем (ці першым снегам) прыходзяць дажджы і лужыны, а з імі часта мокрыя ногі, насмарк, боль у горле. А ў пахмурныя дні псуецца настрой і зусім не дапамагае нам змагацца з цяжкасцямі. У гэтым артыкуле мы пагаворым пра тое, што рабіць, каб наш арганізм і арганізм нашых дзяцей быў гатовы да непагадзі і перажыў гэты перыяд без хваробаў – прынамсі абвостраных.

Імунітэт – тое, у што трэба ўкладваць, як у банк, тады, калі яшчэ нічога не пагражае яму. Бо калі арганізм аслаблы, да яго чапляецца любая зараза. Значыць, трэба ўмацаваць здароўе, і лягчэй за ўсё гэта рабіць яшчэ вясной-летам, калі сама прырода дае нам усё для гэтага: сонца, вітаміны, паветра. Не гадуйце дзіця ў цяпліцы, калі хочаце, каб яно вырасла здаровенькім. Так робіць мая нявестка –цяжка бачыць, як Яраслаўка з сумам глядзіць праз вакно на двор, куды яго не пускаюць, бо надта хваравіты. А ён таму і хваравіты, бо ад самага немаўляцтва сядзіць дома, а яго б да бабулі ў вёску, дзе можна бегаць басанож і барахтацца ў рэчцы – вось што закаляе арганізм і робіць яго не такім цукровым.

А ягады, садавіна, агародніна, зеляніна! Усё гэта трэба есці вялікай лыжкай, і не толькі летам, вядома ж. Зімой – натуральныя сокі і фрукты. Людзі часта недаацэньваюць каштоўнасць гэтых прадуктаў, а потым усю восень-зіму адчуваюць сябе слабымі, заўсёды стомленымі, шмат спяць і нічога не хочуць. Добра харчавацца, вядома ж, трэба і па іншых прычынах. Так часцей з дарослымі – дрэнны настрой, апатыя, раздражнёнасць. Але і з дзецьмі бывае такое проста праз недахоп вітамінаў. Звонку здаецца, што гэта псіхалагічныя праблемы, але часам дастаткова проста падняць імунітэт, каб дзіцё стала больш вясёлае і жвавае.

Парайцеся з імунолагам, як гэта лепш зрабіць, калі такая праблема ўзнікла. У перыяды найбольш небяспечныя карысна папіць чаёк з ахінацэі. Экстракт жэнь-шэня танізуе ў перыяды пахмурнасці, а кампоцікі і морсы з багатых вітамінам С ягад павышаюць супраціўляльнясць арганізму.

Закаляцца кантрасным душам – яшчэ той атракцыён. Бацька ў дзяцінстве абліваў мяне халоднай вадой – я радасна пішчала на ўсю ванну. Пазней я перастала закаляцца – і вельмі шкада. Пачынайце закаленне з лета, у натуральных вадаёмах. І не кажыце, што вада халодная. З гарачым сонцам і вялікім рушніком гэта нястрашна. І чым раней вы пачняце гэтую забаўную працэдуру, тым лепей – не чакайце, пакуль вада ў рэчцы ці возеры пачне каляхаваць.

Здаровы лад жыцця – вось як гэта называецца. Узгадвайце хоць зрэдку, што выходныя можна правесці не толькі на канапе перад тэлескрыняй, але і актыўна, займаючыся нейкім спортам. Ці хаця б праполваючы градкі на дачы (можна навыперадкі). Ды што там спорт – не дазваляйце дзіцю філоніць фіз.выхаванне ў школе і адганяйце ад кампа, каб пабегала па вуліцы. Гуляйце нават тады, калі халодна. Так, і зімой таксама! Свежае паветра – вось што трэба арганізму, а не затхлае пакаёвае, у якім у асенне-зімні перыяд любяць збірацца і размножвацца бактэрыі. А яшчэ – сонейка, якое таксама патрэбнае арганізму, бо дае нам вітамін D. Падчас эпідэміяў пастарайцеся менш бываць разам з малым на шматлюдных мерапрыемствах – крамах, тэатрах і ,вядома ж, паліклініках – вось дык рассаднік хваробаў у завадскіх маштабах.

Памятаю, зімой падчас эпідэміяў мы ўсе, малышня, хадзілі ў дзіцячы садок з зубчыкамі часныку на шыі. А што, гэта насамрэч цудоўны спосаб адагнаць мікробы! Часнык можна таксама таўчы ў місачку і ставіць у пакоі дзіцяці.

А што рабіць, калі дзіцё ўжо адчувае сябе ніякавата? Прыйшло дадому з мокрымі нагамі – тэрмінова ў гарачую ванну яго ці хаця б ногі ў тазік з гарачай вадой і якім-небудзь экстрактам: эўкаліпту, мялісы ці нават апельсіна –у дадатак малое атрымае яшчэ і ароматэрапію.

Канешне, калі дзіцё зусім слабенькае – толькі пагуляе з гадзінку, а ўжо горла баліць, з носа цячэ і настрой дрэнны - не варта здзеквацца з яго і думаць, што хворага вылекуюць закаленні і свежае паветра. Вядома ж – смачатку добра пралячыцца! А потым усяляк умацоўваць імунітэт і пазбягаць любых пагчымасцяў прастудзіцца. Перад выхадам на вуліцу паласкаць рот вадой з марской соллю, а носік змазваць аксалінавай маззю. Перыядычна праводзіць інгаляцыю: можна старым бабуліным спосабам – над зваранай бульбай, а можна з дапамогай усё тых жа карысных і смачных экстрактаў. Горлышка добра грэе мёд з маслам, яго можна даць пасмактаць малому перад сном. І канешне не забывайце пра чаі з імбіром, малінавым варэннем і лімонам.

Добрых народных ці прафесійных рацэптаў існуе багата, але галоўнае - карыстацца парадамі трэба не ад выпадку да выпадку, не калі вашаму дзіцяці ўжо блага, і не кідаць лекаванне, як толькі малое пачне ізноў насіцца па хаце. Многія лекі і вітамінныя комплексы пачынаюць дапамагаць толькі тады, калі прапіць іх увесь цыкл. Інакш, што датычыцца ахінацэі напрыклад, пустое. Набярыцеся цярпення, актывізуйцеся – і папрацуйце над здароўечкам актыўна – тыдні з 2.

А летам – на мора! Ці хаця б да бабулі-дзядулі ў вёску!

 

%MCEPASTEBIN%

0 Каментары