Першая вандроўка разам з малышом


Многія пары актыўных маладых людзей хвалююцца, што, завёўшы дзяцей, яны вымушаны будуць забыць пра той лад жыцця, да якога прывыклі, перастаць вандраваць і ездзіць кудысьці ў адпачынак. А тыя, у каго дзіцятка толькі з'явілася, часам адкладаюць паездкі на шмат год, бо баяцца нашкодзіць малечы. Існуюць розныя меркаванні што да таго, як рана можна пачынаць ездзіць кудысьці з дзіцяці і наколькі гэта бяспечна. Для нашых бацькоў гэта была закрытая тэма, але часы мяняюцца. Людзі пачынаюць разумець, што насамрэч усё не так страшна і складана. Мноства сучасных прыладаў дапамагае нам быць больш мабільнымі.

Што скажуць урачы? Рознае. Адны не рэкамендуюць браць з сабой дзіця ажно да 3 (ці нават 5) год, іншыя ж сцвярджаюць, што можна смела ехаць ужо ў тры месяцы. Але кожнае дзіця асаблівае і ўлічваць трэба ў першую чаргу яго патрэбы. У любым выпадку, наведайце педыятра з дзіцём і прыслухоўвайцеся да парадаў доктара. Таксама вы можаце распытаць іншых бацькоў, якія ўжо маюць досвед адпачынку з дзіцём, і яны дапамогуць вам пазбавіцца страху і хвалявання.

Выбар накірунку.
Прыняўшы такое смелае рашэнне, як вандроўка з дзіцяці, вам цяпер  трэба як след падрыхтавацца да гэтай прыгоды. Найперш прыдумаць, куды ж накіравацца. Вядома ж, з дзіцём не трэба ехаць туды і ў тую пару, дзе і даросламу будзе цяжка. Адкладзіце адпачынак да часу, калі спёка спадзе і надвор'е будзе камфортным для вашага нашчадка. Пераскокваць з месца на месца ў сваёй вандроўцы таксама не варта – дзіцятка будзе пакутаваць ад перападаў тэмпературы і змены гадзіннага поясу. Для першага разу ідэальна падыдзе спакойны адпачынак на моры.

Зборы
Збіраючыся, старанна прадумайце адзенне. Няхай гэта будзе прывычнае адзенне дзіцяці, у якім яму і раней было ўтульна. Абавязкова паклапаціцеся пра панамку для дзіцяці, каб яму не напякло ў галоўку. А на выпадак халадоў (надвор'е – рэч непрадказальная) няхай у вас пад рукой будуць цёплыя рэчы.

Не забудзьцеся ўзяць з сабой усе тыя дробныя, але неабходныя для камфорту дзіцяці рэчы, якімі карыстаецеся дома: вільготныя сурвэткі, крэм для загару, бутэлечкі, соскі, пялёнку, абавязкова аптэчку на выпадак прастуды ці алергіі – многа чаго можа не аказацца там, дзе вы будзеце адпачываць.

Каб дзіця не нудзілася ў дарозе, забяспечце яго алоўкамі, расфарбоўкамі – дзеці любяць маляваць,  разнастайнымі кніжачкамі з казкамі, якія можаце пачытаць яму, калі закапрызіць. Цацкі вазьміце як даўно любімыя, так і новыя цікавыя, і вымайце іх пакрысе са схованкі, калі малому надакучаць старыя.

Ежа
Вялікае шчасце, калі немаўлятка харчуецца толькі маміным малаком і цудоўна ім наядаецца. Калі ж малечы патрэбная іншая ежа, то дасведчаныя ў гэтым пытанні вандроўнікі рэкамендуюць ўзяць з сабой прывычныя для вашага малога кашкі і пюрэшкі, бо мясцовыя яму могуць і не спадабацца, а таксама клімат можа адмоўна паўплываць на апетыт.

Пераезд.
Неверагодна, але факт: немаўлятак не загойдвае! З імі можна ехаць, ляцець і нават плыць. Але наўрад ці дзіцю будзе даспадобы даўгі цяжкі аўтобусны пераезд – усё ж ягонае мястэчка мусіць быць зручным. Лепш за ўсё, натуральна, ляцець самалётам, ідэальна, каб ноччу – дзіцё будзе спакойна спаць і ўсім будзе добра. А прыехаўшы на месца, не спяшайцеся аглядаць цікавосткі – маленькім дзеткам яшчэ цяжка адаптавацца, дазвольце яму пару дзён адпачыць і прывыкнуць.

Нарэшце вы размясціліся і ўладкаваліся. Надышоў час пашпацыраваць. Вось тут вам вельмі дапамогуць слінгі на выпадак, калі дзіцячы вазок вы вырашылі не браць.  Яшчэ адно цудоўнае прыстасаванне для вас -  эрга-заплечнік, але не цягайце так малечу больш за 2 гадзіны.

І напрыканцы нагадваем, што, каб ваш адпачынак здзейсніўся і не быў сапрасаваны ў самым пачатку, уважліва праверце, ці пры вас усе неабходныя дакументы: вашы і вашага малога. І абавязкова зрабіце для дзіцяці медыцынскую страхоўку!

Спадзяемся, добра адпачыўшы, вы будзеце яшчэ больш шчаслівыя і здаровыя! Удачы вам! Вандруйце з радасцю!

0 Каментары