На які спектакль схадзіць з дзіцём у Мінску

Сярод мноства забаўляльных устаноў і мерапрыемстваў у Мінску няблага абраць час ад часу стары добры тэатр. Гэта можа быць дзіцячы тэатр са спектаклямі як для малышэй - вясёлае яскравае чарадзейства , так і для школьнікаў - спектаклі па знаёмых ім з рускай, беларускай ці замежнай літаратуры п'есах. Некаторыя так бы мовіць вялікія дарослыя тэатры таксама робяць адмысловую праграму для маленькіх гледачоў.

Тэатр вельмі важны для дзіцяці ў працэсе пазнання ўнутранага і вонкавага свету. Перажыванні, выкліканыя спектаклем – казкай ці драматычным творам - дапамагаюць яму разабрацца ў сістэме каштоўнасцей, у сваіх пачуццях, развіваюць здольнасць суперажываць іншым. Акрамя таго, тэатр добра ўплывае на развіццё камунікатыўных і творчых здольнасцяў.

Прапануем Вам агляд галоўных тэатральных пляцовак Мінска для дзяцей.

Тэатр юнага гледача

Прыемным падарункам маленькім (і не зусім) гледачам стала вяртанне галоўнага дзіцячага тэатра на сваю родную сцэну. Гэта адбылося якраз 1 чэрвеня пасля 6 год бадзяння па розных галадскіх пляцоўках. Тэатр цяпер свежанькі і вельмі ўтульны, а спектаклі ўсё такія ж добрыя і шчырыя. Паказаўшы прэм'ерную «Сінюю птушку», трупа сышла на летні адпачынак. А ў новым тэатральным сезоне абавязкова наведайце мілую фантазію «Шытая лялька Рэгедзі Эн», схадзіце на хітрамудрага «Ката ў ботах» ці ўразьцеся сцэнічнай інсталяцыяй кіберпанка «Тэдзі» - гэта насамрэч вельмі смелая і сучасная пастаноўка! І гэта парада не толькі для дзяцей!

Музычны тэатр

Музтэатр – пляцоўка самых грандыёзных мюзіклаў і спектакляў не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Многія з задавальненнем ходзяць усёй сям'ёй на «Бураціна.by», «Чароўную лямпу Аладзіна», «Чырвоны Капялюшык. Пакаленне NEXT», «Прыгоды брэменскіх музыкаў» - неверагодна яскравыя, арыгінальныя і якасныя шоў! А да Новага года тэатр рыхтуе асаблівы падарунак – мюзікл «Снежная каралева».

Тэатр лялек

А калі вы зусім маленькі ці маленькая, усяго 3 гадкоў, і ў тэатр дарослых вам яшчэ рана, то няхай бацькі прывядуць вас у незвычайны свет, дзе ажываюць лялькі. У атмасферы сапраўднага цуда яны раскажуць вам казку пра «Таямнічага гіпапатама», «Майдадыра», «Ката ў ботах», «Чырвоны Капялюшык» - і прыемна здзівяць, бо тут знаёмыя ўсім персанажы аказваюцца ў зусім новых сітуацыях, весяляцца, выдумляюць нешта дзіўнае, сябруюць, а часам прымушаюць задумацца і паразважаць. У новым тэатральным сезоне - «ПАКАТУН ДЫ ПАЛЯЖУН» для дзетак ажно 2 гадоў!

Не пакрыўдзіў маленькіх гледачоў і Тэатр беларускай драматургіі. «Дамавічкі» - сапраўды мудрая, сонечная і пазітыўная музычная казка. «Усе мышы любяць цырк» - неверагодная гісторыя пра сілу мастацтва, «А мне не сорамна!..» - больш чым казка пра тое, што сябры разам перамогуць усе беды , «Два чароўныя парасоны (Стойкі алавяны Салдацік) – падарожжа па свеце славутага казачніка Г. Х. Андэрсена

Тэатр імя Янкі Купалы

Купалаўскі тэатр, таксама нядаўна рэканструяваны, абноўлены, аздоблены, не дае дзіцячых спектакляў, бо, па словах Мікалая Пінігіна, галоўнага рэжысёра, «нацыянальны тэатр у сваіх сценах не павінен ставіць спектаклі для дзяцей, для гэтага ў нас ёсць тэатр юнага гледача, лялечны тэатр. А мы будзем рабіць спектаклі для сямейнага прагляду». Купалаўскі тэатр – гэта найстарэйшы прафесійны тэатр Беларусі з легендарнымі акторамі. У ім ажываюць творы нацыянальных і замежных класікаў – Купалы, Коласа, Мележа, Дуніна-Марцінкевіча, Гогаля, Ажэшкі, Чэхава і многіх іншых, прачытаных на школьных уроках літаратуры. Сюды варта прывесці малога ды прыйсці самім, каб убачыць сапраўдны прафесіяналізм і адчуць усе эмоцыі герояў настолькі моцна, нібыта тое, што адбываецца на сцэне, адбываецца з вамі.

Таму, калі вы хочаце, каб ваша дзіця развівалася інтэлектуальна і эмацыйна, каб сапраўды выхоўвалася і станавілася АСОБАЙ, прыходзьце ўсёй сям'ёй на якасныя і сапраўды добрыя спектаклі ў тэатр.

0 Каментары