"Жавальная" праблема

Гадаванне дзіцяці – гэта такая справа, калі нават не ўяўляеш, якая праблема на цябе зваліцца ў наступны раз. Некаторых бацькоў проста мінае гэтая праблема, а іншыя з ёй знянацку сутыкаюцца і абсалютна не ведаюць, што рабіць. Так здарылася і ў сям'і трохгадовага Глеба, бабуля якога аднойчы заўважыла, што бацькі ўсё яшчэ кормяць яго пюрэшкамі і булёнчыкамі. Яны ўвогуле не ведалі, што дзіця трэба прывучаць жаваць, калі яно само цудоўным чынам гэта рабіць не пачало. Часам яны спрабавалі падсунуць Глебу сапраўдны суп ці нешта іншае з вялікімі кавалкамі і з крыкамі прымушалі яго гэта есці - карацей, здзекваліся, як маглі. А калі Глеб чымсьці давіўся і выплёўваў, махалі на яго рукой і працягвалі карміць пюрэшкамі.

Але бабуля, якая выгадавала трох дзяцей, гэтага сцярпець не магла. Дзіцё, незнаёмае з вялікімі кавалкамі ежы, верагодней за ўсё будзе іх рэфлекторна выплёўваць, бо яны прадстаўляюць для яго самую сапраўдную небяспеку: імі можна падавіцца. Калі ж кавалкі не такія вялікія, а есці прымушаюць, іх можна праглынуць, але гэта і для ворганаў стрававальнай сістэмы (для страўніка ў першую чаргу), і для ўсяго арганізма дзіцяці: яно недаатрымае вельмі неабходныя зараз вітаміны. І ўрэшце рэшт ніякім крыкам немагчыма навучыць маленькага жаваць, гэта блага для нерваў як дзіцяці, так і дарослых.

Яшчэ адной прычынай хвалявацца быў час ісці ў дзіцячы садок. Да гэтай важнай падзеі дзетак рыхтуюць як скаўтаў, а ўсё таму, што адна нянечка не зможа ўпраўляцца з 15 чалавечкамі, калі тым не прывілі першыя навыкі выжывання, асабліва жавальныя. Калі не спрацуе эфект люстэрка і дзіцё не пачне жаваць, паўтараючы за іншымі, яно рызыкуе заставацца галодным цэлы дзень, калі толькі нянечка не злітуецца і не ператрэ малому ежу, а на гэта ў яе можа і не быць часу.

Да слова сказаць, 3 гады – гэта вельмі запушчаны выпадак, хаця сустракаюцца і яшчэ горшыя - некаторыя, прапусціўшы момант, калі ТРЭБА пачынаць вучыць дзіцяці жаваць, потым пакутуюць з гэтай праблемай да пубертатнага перыяду. Таму, бацькі, адкіньце сваю ляноту і вазьміцеся за справу неадкладна.

 

З першым этапам можна моцна не зацягваць, ужо з пачаткам прыкорму ў 5-6 месяцаў паказаць дзіцяці цвёрдую ежу ў выглядзе долькі яблычка, банана ці сушкі. Не, вядома ж, яму яшчэ няма чым жаваць гэта, але хаця б дзёсны сабе паказыча, пасмокча трошкі кавалачкі. Некаторыя бацькі супраць, каб іх дзіцё вучылася жаваць дзёснамі, таму ім прыйдзецца чакаць усяго камплекта зубоў у малыша: вельмі цяжка авалодаць гэтым умельствам, маючы прарэхі ў роце.

Дзесьці ў годзік, калі ўсе зубкі вырастуць, перастаньце злоўжываць блэндарам і ў кашках пакідайце цяпер невялікія кавалачкі. Спачатку ў пюрэшку ці супчык можна кідаць сухарыкі, а тады ўжо замест блэндара карыстацца відэльцам – пераціраць ім ежу, толькі мяса больш акуратна размяльчаць. З часам кавалачкі мусяць станавіцца ўсё больш і больш, і вось вуаля – вашае дзіця ўмее жаваць паўнавартасна!
 

Што рабіць, калі вы ўсе гэтыя этапы пралайдачылі? Давядзецца сур'ёзна ўзяцца за перавыхаванне вашага нашчадка, на што вам спатрэбіцца не адзін дзень і нават не тыдзень: змаганне можа зацягнуцца на месяцы, і вы не маеце права здавацца.

Самы эфектыўны метад – арганізаваць змову сярод родзічаў і знаёмых. Можна нахальна жаваць нешта вельмі смачнае перад малым, напрыклад мармелад. Дзіцё абавязкова папросіць гэта, і жаваць яму таксама давядзецца. Пакажыце, як гэта робіцца, каб дзіцё паўтарала за вамі.

Стаўце малога перад дылемай: паесці ці застацца галодным. Нечакана «згубіце» блэндар і развядзіце рукамі: а няма. Схадзіце ў госці да бабулі ці да іншых родзічаў, у каторых такіх прыстасаванняў зроду не вадзілася. І ні ў якім выпадку не паддавайцеся, калі пачне ныць і капрызіць: так яно будзе круціць і вярцець вамі бясконца.

Цярплівасці і фантазіі вам у гэтай нялёгкай справе.

 

0 Каментары