Цэнтры ранняга развіцця

Усе бацькі, якія шчыра любяць сваіх дзяцей і вераць у іх таленавітасць, здольнасць, асаблівасць, хочуць, каб яны з самага ранняга дзяцінства набывалі станоўчыя якасці характару і развіваліся паспяхова. Але займацца з дзецьмі разнастайна і сістэматычна ў многіх, на жаль, няма часу. У Інтэрнэце можна знайсці шмат метадычных матэрыялаў па гэтай тэме, але ў хатніх клопатах і турботах праходзіць увесь дзень, таму планаваць і прыдумваць заняткі маме ці тату бывае даволі складана. Таксама вельмі цяжка праяўляць фантазію і клёк, адчуваючы стому. Таму, не забываючы пра надзвычай неабходныя стасункі бацькоў з дзіцём, сумеснае баўленне часу, па пытанню развіцця вашага дзіцятка вы можаце звярнуцца да прафесійных педагогаў і псіхолагаў. На шчасце, сёння вялікая колькасць прапаноў падобнага кшталту: дзіцячыя клубы, школы ранняга развіцця, групы для малышэй, дашкольныя цэнтры. Трэба толькі добра прыглядзецца да іх, пагутарыць з педагогамі і абраць тое, што падыходзіць вашаму дзіцяці.

 

Цэнтры-развівалкі вельмі адрозніваюцца адно ад аднаго методыкамі, накіраванасцю, узростам маленькіх кліентаў,а таксама працягласцю заняткаў. Цяпер гэта не толькі групы падрыхтоўкі да школы з традыцыйнымі ўрокамі па чытанні, ліку ды фізкультуры. Форма заняткаў таксама вельмі змянілася: дзеткі сядзяць за партай усё менш і менш, а розных актыўнасцяў стала больш. Гэта і добра, бо маленькім цяжка сядзець на адным месцы і нецікава. У школе ім гэтай “радасці” яшчэ хопіць удосталь.

 

З чаго пачаць пошукі? А якога ўзросту вашае шчасцейка? Усе цудоўна разумеюць, што чым раней чалавечак пачынае вучыцца, тым лягчэй яму засвоіць новую інфармацыю. Калісьці у школы ранняга развіцця бралі толькі дзетак, які ўжо размаўляюць, але цяпер іх могуць наведваць і немаўляты ажно ад 8 месяцаў! Толькі не кідайцеся адразу ў бой і прытрымайце свае амбіцыі: 1,5-2-гадоваму хлопчыку ці дзяўчынцы яшчэ не трэба штудыяваць англійскую  і матэматыку, а вось сфарміраваць самыя важныя псіхічныя працэсы проста неабходна – памяць, увагу, мысленне; развіць дробную маторыку, рухальную актыўнасць, маўленне – гэта базавыя ўменні, без якіх будзе складана рухацца далей. А калі ў такім узросце ў вашага малыша з’явіцца цікавасць да вучобы, ён у далейшым заўсёды будзе імкнуцца да новых ведаў.

 

Галоўнае - будзьце побач. Мама - самы важны і дарагі чалавек на свеце для немаўляткі, таму проста аддаваць яго ў якую-небудзь групу ў вас не атрымаецца. Для дзіця 1,5-3 гадоў знаходжанне сярод чужых людзей без мамы - велічэзны псіхалагічны стрэс. Паступова яно прывыкне да новых людзей, будзе ўпэўнена ў бяспецы (а здарыцца гэта праз паўгады - год), тады яго можна ненадоўга там пакідаць - гэта дапаможа малышу стаць больш самастойным. А да гэтага часу паўдзельнічайце з дачкой ці сынам у іх актыўным спасціжэнні навакольнага свету – гэта магчыма ў цэнтрах сумеснага прыбывання.

 

 

 

Для малютак, як мы ўжо сказалі, не трэба шукаць сур'ёзныя цэнтры з курсамі маладога байца - дазвольце дзецям быць дзецьмі і вучыцца праз гульню: хлопалкі, лічылкі, маляванкі, спеўкі, аплікацыю, а таксама гульні ў групе. Ледзь не самае важнае, чаму зараз можа навучыцца вашае дзіцятка - гэта таварыскасці, уменню стасавацца з іншымі, супрацоўнічаць, дзяліцца. Дзякуючы такой актыўнай сацыялізацыі вам потым прасцей будзе ў дзіцячым садку. Але ўсё мусіць адбывацца натуральна: спачатку дзіцё і кроку не ступіць ад сваёй мілай мамачкі, увесь час будзе аглядацца, робячы нешта. Не штурхайце і не падганяйце малечу, яно само, калі будзе адчуваць сябе камфортна, пойдзе на кантакт з іншымі. А таленавіты педагог дапаможа ў гэтым.

 

Дзіцяці да трох год цалкам дастаткова будзе 2-3 разы ў тыдзень схадзіць на заняткі працягласцю 45 хвілін-1 гадзіна, інакш яно будзе стамляцца і капрызіць . Калі вы ўжо наведваеце дзіцячы садок, то гэтага будзе дастаткова: не перагружайце псіхіку дзіцяці яшчэ і заняткамі па выходных, гэтыя дні лепш выкарыстаць для адпачынку разам усёй сям’ёй. Дзеткі дашкольнага ўзросту ўжо здольныя вытрымаць 3 урокі ў дзень, але вельмі пажадана, каб у іх раскладзе былі заняткі фізкультуры, бо важна не толькі разумовае развіццё, але і фізічнае. Усё мусіць быць у гармоніі.

 

Але колькі б ні было гадкоў вашаму дзіцю і якіх бы поспехаў вы ад яго не чакалі, памятайце галоўнае: месца, куды яно будзе хадзіць, мусіць яму падабацца, а педагога, у якога яно будзе займацца, вашае дзіцё не павінна баяцца. Калі малечы некамфортна – забірайце, інакш будзе бяда. Толькі ў самых спрыяльных і ўтульных умовах дзіцятка можа засвоіць максімум уменняў і навыкаў, толькі ў педагога, якога любіць, зможа ўсяму навучыцца, радаваць вас і сапраўды быць шчаслівым.

 

0 Каментары