Спінка як у асінкі

У дзяцінстве мама часта сварыласяна мяне праз сутуласць, нагадвала кожныя 5 хвілін, што трэба трымаць спіну роўна, а я яе, вядома ж, не слухалася:  не разумела, што гэта не проста непрыгожа (хіба? Здаецца, нармальна), але і небяспечна.

Мама мела рацыю: памятаць пра спіну трэба з самага дзяцінства, бо потым можа быць цяжка выраўняць асанку ці яна зробіцца настолькі крывой, што позна будзе нешта выпраўляць. Акрамя таго, іншыя праблемы прыкладуцца.

У школе праблеме сутуласці ўдзяляюць многа ўвагі, настаўніцы робяць заўвагі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія няправільна сядзяць за партай, праводзяць фізхвілінку, на якіх можна размяцца, выпрастацца, парухаць плячыма. У класах заўсёды вісяць звычайна старыя, але якасныя плакаты, на якіх паказана, як правільна сядзець за партай. А што рабіць бацькам?

Вы можаце самі разгледзець праблемы ў вашым дзіцёнку, карыстаючыся простымі правіламі. З ім усё у парадку, калі тулава вертыкальнае, грудная клетка выпрастана, адведзеныя плечы, жывот падцягнуты, а лапаткі размешчаны блізка.

Але калі вы бачыце, што спіна ў сына ці дочкі пагорбленая, жывоцік выпуклы, а плечыкі знаходзяцца на розным узроўні адносна гарызанталі – спачуваем, у вашага дзіцяці парушана асанка.

Не хвалюйцеся, вы не адны такія і не першыя.Гэтая праблема ёсць амаль у траціны дзяцей і часцей за ўсё яна вырашальная.

Прычыны могуць быць розныя: інфекцыйныя захворванні, праблемы зроку і слыху (дзіця пачынае больш хіліцца, каб разгледзець нешта ці пачуць), гарманальныя збоі, дрэннае харчаванне, рахіт – у любым выпадку кансультавацца і высвятляць прычыну давядзецца ў доктара.

Але самая распаўсюджаная прычына дрэннай асанкі - адсутнасць фізічнай актыўнасці. Дзіцё шмат чытае, робіць урокі - цудоўна, рубіцца ў тэлефоне ці ў кампутары - ужо горш, але калі зусім не займаецца фізкультурай і не гуляе ў двары - вельмі дрэнна. Калі яно расце хіленькім, слабенькім і хваравітым, у яго не будзе ані трошачкі мышцаў, каб на іх трымаўся касцяк. Ад тонусу мышцаў спіны і жывата моцна залежыць, ці будзе ў дзіцяці скрыўленна хрыбетніцы.

Што цяпер рабіць?

Усё пачынаецца з прывычкі, якая развіваецца з самага дзяцінства. Паглядзіце, як ваша дочка ці сын сядзяць за сталом, стаяць, адпачываюць. Ужо тут ёсць шмат над чым падумаць.

Мэбля.

Ці паклапаціліся бацькі пра нармальнае рабочае месца для дзіцяці? Ці не робіць яно ўрокі на "каленцы", абы-як, на маленькім зэдліку, бокам на часопісным століку, у мяккім фатэлі? А то ж і яно! Адкуль тут быць нармальнай асанцы? Школьнікам патрэбны сапраўдны стол, крэсла са спінкай, настольная лямпа. Усё па памеры. І нармальная пастава за сваім рабочым месцам.

Паназірайце, як дочка ці сын уладкаваліся там. Ці правільна. Каб навучыцца заўсёды горда несці сваю спіну, ніякіх закідванняў нага за нагу, пакуль робяць урокі, навісанняў над падручнікам ці сшыткам, сядзення на крэсле з нагамі, пастаяннага падпірання такой цяжкой і набітай ведамі галавы. У школе за гэтым сочаць настаўніцы, а дома давядзецца вам, бацькі. Інакш у дзіцяці выпрацуецца сталая звычка сядзець крыва, і ад яе пазбавіцца будзе вельмі цяжка.

Дарэчы, дзіцё магло і за вамі, мама ці тата, падгледзець. Набрацца ад вас "карысных" звычак. Таму, калі здзяйсняеце выхаваўчы працэс, не рабіце потым самі так, як забараняеце малым.

Стол і крэсла павінны адпавядаць росту дзіцяці. Глядзіце, каб ногі дзіцяці роўна стаялі на падлозе – не віселі і не ўпіраліся ў стальніцу, а стаялі пад вуглом 90% - дзіця села, і сядушка ўперлася яму пад каленкай. А пры выбары стала пераканайцеся, што локці апушчаных рук ніжэй стальніцы на 5-6 см. Гэта ўберажэ вас ад куплі занізкага ці завысокага стала.

Дзеці хутка растуць, а новую мэблю кожны год не накупляешся, таму паспрабуйце знайсці такую, якую можна будзе згодна з ростам вашай дачкі ці сына рэгуляваць.

Звярнуць увагу варта не толькі на рабочае месца, але і месца для сну. Нікому не на карысць вельмі мяккая пярына, асабліва дзецям, таму прывучайце іх з маленства спаць на цвёрдым і тонкім матрацы. А таксама правільна абірайце падушку: на ёй галава мусіць быць на ўзроўні цела, а не вышэй.

Знешні выгляд.

Тут трэба разгледзець 2 моманты: абутак вашага дзіцяці і торба.

Што да абутка, то ён, як і ўсё астатняе, мусіць ідэальна падыходзіць, а не звальвацца з ног. Пастарайцеся выбіраць абутак з невялікім пад’ёмам – абцасікам, каб у дзіцяці не развілася плоскаступнёвасць ці іншыя праблемы, бо гэта абавязкова пацягне за сабой змены ў касцяку.

Дзеці вельмі любяць усё моднае і сучаснае, і ў гэтую катэгорыю якраз падпадаюць торбы праз плячо ці дамскія торбачкі. Растлумачце нашчадку, што прыгожым можа быць і заплечнік – самая здаровая і зручная торба, якую толькі можна прыдумаць для арганізма, які расце і развіваецца. Што праўда, да яго выбару таксама варта падысці адказна: шукайце мадэль з артапедычнай спінкай.

Фізкультура

Басейн – вось куды вам тэрмінова трэба аддаць сваё дзіцё. Плаванне – найлепшае практыкаванне, з дапамогай якога можна нарасціць маскулатуру і выправіць асанку. Гэта адзін з самых простых відаў фізічнай актыўнасці, які паслядоўна развівае ўсе групы мышцаў. Акрамя таго, гэта яшчэ і вясёлая забава, асабліва калі хадзіць у басейн усёй сям’ёй. Вы і дзеці будзеце ў тонусе не толькі ад плавання, але і ад закалівання – яно ўмацоўвае імунітэт і павышае супраціўляльнасць арганізма.

Вельмі важнымі з’яўляюцца заняткі лекавальнай гімнастыкай. Канешне, шмат інфармацыі можна знайсці ў інтэрнэце, але лепей звярнуцца да спецыялістаў, якія пакажуць такія практыкаванні, што падыходзяць менавіта вашаму дзіцяці і не нашкодзяць. Акрамя таго ж фізічнага развіцця, інструктар навучыць правільным рухам і правільнай асанцы.

Палепшыць кровазабеспячэнне ў хрыбетніцы і паскорыць паступленне пажыўных рэчываў дапаможа масаж.

І павесьце дома турнікет!

 

0 Каментары