Яшчэ адна радасць у доме

У жыцці амаль кожнай сям’і аднойчы абавязкова наступае момант, калі ўжо няма куды схавацца ад настойлівага дзіцячага “Хачу сабаку!”, “Купіце хамячка”, “Мам, тат, давайце возьмем кацяня!”. Дарослым уласціва скептычна ставіцца да падобных просьбаў, але ці ж варта адразу адмахвацца ад іх, ці, нягледзячы на ўсе клопаты і абавязкі, звязаныя з жывёлкай, пусціць у сваю сям’ю радасць стасункаў са звярком? Пагутарым аб гэтым у нашым артыкуле.

Стасункі дзіцяці з жывёлай зусім не гульня, а надзвычай важны выхаваўчы момант. Канешне, калі дзіця просіць коціка-сабачку, то не чакае, што давядзецца яго даглядаць і думае, што гэта проста забава: паціскаць, пагуляць, паказаць сябрам. Але вельмі хутка прыйдзе ўсведамленне, што гэта жывая істота са сваім характарам, патрэбамі. Дамашні гадаванец дапаможа вашаму дзіцяці стаць больш адказным і паслядоўным чалавекам: хацеў звера – даглядай, бо ў мы ў адказнасці за тых, каго прыручылі. Але без вашага прыкладу гэта можа атрымацца не адразу. Усё ж вучыцца клапатлівасці таксама трэба, а некаторыя абавязкі варта абгаварыць загаддзя. Але не перакладайце ўсю адказнасць за жывёлу на дзіця, гэта занадта. Усё ж дамашні гадаванец для ўсёй сям’і, а не толькі для дочкі ці сына. Паказваючы сваю абыякавасць ці пагарду, вы выхоўваеце гэтыя якасціі ў іх.

Дзіцё, якое кожную раніцу і вечар выгульвае сабаку ці гуляецца ў двары з марской свінкай, прыбірае клетку папугайчыка ці купае хамячка, спраўляецца са сваім эгаізмам. Яно вучыцца улічваць не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы іншай жывой істоты і разумець яе. Гэтыя навыкі вельмі карысныя ў стасунках з аднагодкамі, развіваюць эмпатыю – уменне спачуваць, клапаціцца аб тых, каму неабходная дапамога.

Дамашні гадаванец акрамя гэта дапаможа вашым дзецям спраўляцца з псіхалагічнымі праблемамі і не зацыклівацца толькі на сабе. У малых, якія любяць жывёлаў, павышаецца самаацэнка, яны больш аптымістычна ставяцца да жыцця, лягчэй адаптуюцца ў новым калектыве.

Але просьбы і мары дзяцей аб уласным дамашнім гадаванцы вельмі часта разбіваюцца аб страхі і забабоны дарослых аб хваробах і пошасцях, якія нібыта нясуць з сабой у дом жывёлы.

У гэтым шалёным свеце падчапіць якую-небудзь заразу можна дзе заўгодна: у транспарце, пры поціску рукі, у агародзе на дачы ці пры купанні ў возеры. Не трэба вінаваціць жывёлаў ва ўсіх грахах. Вядома ж, жывёлы, як і людзі, хварэюць, іх таксама трэба лекаваць. У жывёлаў бываюць глісты, якія могуць падчапіць людзі. Але глісты ёсць у паловы ўсіх дзяцей незалежна ад таго, ці маюць яны дамашніх гадаванцаў!

Каб уберагчы сябе і сваю сям’ю ад некаторых інфекцый, пры выбары гадаванца варта скарыстацца парадамі ветэрынараў і ўзяць дадому звярка без хваробаў. Уважліва агледзьце кацянятка, шчанятка, пацучка: у здаровага поўсць гладкая і бліскучая, не вылазіць, няма праплешын, вочы без выдзяленняў, чыстыя вушкі, на слізістых няма раздражнення. У грызуноў не павінна быць зліпшайся поўсці на анальнай адтуліне. Папугайчык не зусім здаровы, калі нахохлены, мае падпухшыя павекі і прыкрывае вочы. Таксама шмат пра здароўе жывёлкі могуць сказаць яго какашкі – калі выдзяленні вадзяністыя, з жывёлай дакладна нешта не так.

Што датычыцца глістоў, у вас іх не будзе, калі вы самі прытрымліваецеся банальных правілаў гігіены і навучылі гэтаму дзяцей: пасля кожнага кантакту з дамашнім любімцам, асабліва перад прыёмам ежы, абавязкова мыць рукі. І цацкі ў малых мусяць быць розныя: няхай сабачка (ці хто там у вас) грызе свой мячык, а дзіцё свой – інакш паразіты ўсё ж патрапяць у дзіцячы арганізм. Калі гадаванец усё ж дабраўся да рэчаў малыша, іх трэба прамыць дызрошчынай.

З той жа прычыны лепш падалей прыбіраць міску жывёлы, каб у дзіця не было спакусы з’есці адтуль пару кавалачкаў корму – больш простага шляху пападання глістоў у чалавечы арганізм не прыдумаеш.

Пасяліць жывёлу трэба асобна ад малога і ва ўсёй кватэры праводзіць рэгулярную старанную ўборку, а каб рабіць яе было хутчэй і прасцей, лепш мінімізаваць колькасць пушыстых дываноў у доме, якія збіраюць шмат пылуі поўсці.

Каб усе ў сям’і былі здаровыя, улічваючы меншага сябра, варта дзеля прафілактыкі некалькі разоў на год праводзіць яго дэгельмітызацыю – даваць жывёле глістагонныя лекі, якія параіць ветаранар. І з такой жа перыядычнасцю здавайце кал дзіцяці на аналіз.

Але перш чым узяць жывёлінку ў дом, пераканайцеся, што ні ў каго з сямейных, асабліва дзіця, няма алергіі на поўсць – будзе вельмі непрыемна даведацца пра гэта пасля таго, як коцік, сабачка ці іншы звярок з’явяцца ў вас дома. Праверыць гэта вельмі проста – дастаткова схадзіць у госці да сяброў, якія ўжо трымаюць дома жывёлінку. Пачалі слязіцца вочы, зачасаўся нос – спачуваю, але давядзецца вам завесці акварыумных рыбак, калі не хочаце ўсёй сядзець на супрацьалергенных калёсах.

І ўсё ж ведайце: жывёла ў доме – гэта такое ж шчасце і радасць, як і дзеці.

 

 

0 Каментары