Дзеці - не трава

У нас прынята жыць па накатанай. Пажадана быць як усе і не вылучацца. Вось хацелі б маладыя людзі спачатку пабачыць свет, набрацца вопыту, а не жаніцца адразу, але ж трэба па-нармальнаму, як усе, дый мама так чакае вяселля дочачкі/сына. Хацелі б маладыя людзі пасля жаніцьбы "пагуляць", а соцыюм у выглядзе свякровак ды цешчаў патрабуе ўнукаў. А пасля яшчэ і яшчэ.

Вось і атрымліваецца простая схема:

школа-універ--праца

шлюб-дзеці-дзеці-дзеці

У выніку маладыя збіраюцца за дзецьмі, не ўсвядоміўшы толкам, ці гатовыя да бацькоўства. А бацькоўства - самая важная прафесія на свеце. Бо дзеці - гэта ж не трава на полі. Акрамя таго, што малое доўга-доўга давядзецца абслугоўваць, неабходна яшчэ звяртаць на яго ўвагу. Дзіця - гэта новы чалавек, галоўным арыентырам і прыкладам  для якога многія-многія годы будуць мама і тата.

Увага нібы звяртаецца: "Еш!", "Не крычы!", "Сядзь!", "Скажы". Дзіця мусіць быць паслухмяным і ціхім, г. зн. зручным для бацькоў, якія ў гэты час будуць глядзець серыял і іх нельга турбаваць.

 

Так, бацькоўства - гэта праца. Без выходных. І гэта важна ўсведамляць.

5-гадовы Глеб не наведвае садок праз праблемы з ножкамі. Таксама яму забаронена хадзіць, што вельмі цяжка ўсвядоміць малому жэўжыку. Ён чуе ад бацькоў толькі "Сядзь" ды "Не хадзі", але ж энэргія проста фантаніруе з яго, ён крычыць, махае ручкамі, скоча, а ў адказ чуе "Завядзем у лес", "Аддадзім воўку". Гэта жахліва, бо пасяляе ў душы дзіцяці страх. Да таго ж Глебушка не размаўляе. Усе яго капрызы выконваюцца на "адчапіся", імгненна, каб толькі не ствараў лішняга шуму і клопату. Глебу дастаткова мычаць і тыкаць пальцам у бок жаданага прадмета.

З дзіцём ніхто не займаецца, але варта толькі пачаць з ім гуляцца, як ён адразу супакойваецца. У гульнявой форме патрабуеш сказаць "Хто гэта?" - адкажа "Мама", "Тата, "Ба"; прапануеш узляцець да Сонца на арэлях - будзе ўскідваць ручкі нібы Бэтмэн і вуркатаць і як зоркалёт.

Дзеці самі цудоўна прыдумляюць сабе гульні і часам не варта лезці да іх са сваімі прапановамі, але Глебу трэба дапамагчы, бо яму цяжка стасавацца з аднагодкамі, да таго ж хлопчык абмежаваны ў рухах.

А бацькам няма справы да праблемаў маленькага чалавечка. Яны лічаць, што любяць Глеба. Я б сказала, што не. У дзіцяці ёсць свае патрэбы і жаданні. У першую чаргу - ў любові. У павазе да сваіх патрэбаў. Яго паводзіны крычаць аб тым, што дзіця хоча гуляць! Не сядзець ціхенька ў вазочку ці на канапе, а гуляць. Гуляць са СВАІМІ БАЦЬКАМІ. Але яны глядзяць серыял.

0 Каментары